ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.Т.Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1 -я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т.л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн. м2 жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.

Р.П.Платонаў.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)